Прадстаўнікі трох рэлігій маліліся на Дуброўскім кіркуце
У Польшчы адзначаюцца ХХІІІ Дні іудаізму ў каталіцкім Касцёле. Як штогод вучні ліцэю ў Дуброве Беластоцкай ушанавалі памяць супольнасці, якая калісьці складала большую частку насельніцтва гарадка.
Сёлета ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі габрэйскай суполкі Ліды і Гародні, кажа арганізатарка мерапрыемства, Дарота Будзыньская:
– Была ў нас сёння дэлегацыя з Гародні і Ліды, былі прадстаўнікі габрэйскай суполкі, бо гэта Дзень іудаізму. І мы, хрысціяне, молімся разам з габрэямі.
Беньямін Ерузалім:
– Хачу сказаць, што вельмі захоплены тым, як тут, у Дуброве, людзі, дзеці, настаўнікі памятаюць і аднаўляюць памяць пра тых, хто жыў з імі да вайны, і памятаюць пра тое, што здарылася з гэтымі людзьмі.
Ксёндз-прафесар Тадэвуш Крагель:
– Будаваць трэба масты, а не бар’еры. Тым больш, што для нас, хрысціян, габрэі з’яўляюцца тымі першымі, хто верыў у адзінага Бога і сказаў пра прыход Збаўцы.
Урачыстасці пачаў даклад прафесара Тадэвуша Крагеля пра ксяндзоў, якія ратавалі габрэяў у час Другой сусветнай вайны.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара