Прайшлі канцэрты-запрашальнікі на «Бардаўскую восень-2017» (абноўлена)
Ужо сёння, 3 лістапада, у Бельску Падляшскім стартуе XXIV Фестываль беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні “Бардаўская восень-2017”. Традыцыяй фестывалю сталі камерныя канцэрты-запрашальнікі ў некалькіх мясцовасцях Падляшша.
У Гміннай публічнай бібліятэцы ў Орлі выступіў Алесь Камоцкі – адзін з тых бардаў, што звязаныя з фестывалем беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень» з самога пачатку.
Кажа Алесь Камоцкі:
— Я ж пятнаццаць гадоў запар ездзіў сюды, а потым крыху перастаў ездзіць. А цяпер так захацелася, дык я паспрабаваў падаць заяўку на ўдзел у конкурсе, а мне сказалі: не маеш права. То бок, гэта я сказаў, што маю права, а мне сказалі: не выдурняйся. І усё, і прыехаў. Вельмі настальгічная паездка: ёсць, то ўспомніць. Неяк так пакуль душу рве гэта ўсё мне.
Яўгена Барышнікава пачулі ў Нарве. Публіка сабраная ў Гміннай публічнай бібліятэцы пачула ўжо добра вядомыя песні беларускага барда і мульціінструменталіста, як хаця б “Дзяды”. Пераможца Гран-пры 17 Фестывалю “Бардаўская восень-2010” праспяваў таксама новыя песні. Кажа Яўген Барышнікаў:
— Шэраг песень, якія я выконваў — гэта новыя песні. Адна была нават хоць і не прэм’ера, але я яе другі раз граў на публіцы. Першы раз быў у Менску. Было дзве такія песні плюс магчыма некаторыя яшчэ не гучалі на Падляшшы. Я з задавальненнем праспяваў іх, а асабліва тую, якая тычыцца беларусаў свету. З асаблівым пачуццём яна граецца на Падляшшы.
Афіцыйнае адкрыццё фестывалю сёння, 3 лістапада ў Бельскім доме культуры ў 18:00. Пасля – конкурсная частка ды канцэрт Зорак: «Босага Сонца», Яўгена Барышнікава, Ilo&Friends ды Змітра Вайцюшкевіча і W-Z Аркестра.
Алеся Камоцкага будзе можна пачуць ў Бельску Падляшскім у суботу 4 лістапада.
Поўны матэрыял з канцэртаў Алеся Камоцкага і Яўгена Барышнікава слухайце ў далучаным гукавым файле:
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя