Прайшло апошняе развітанне з Аляксандрам Баршчэўскім
На могілках у Юшкавым Грудзе прайшло апошняе развітанне з Аляксандрам Баршчэўскім, выдатным беларускім навукоўцам і паэтам.
Жалобныя ўрачыстасці пачаліся 30 сакавіка ў царкве на Волі ў Варшаве, дзе адбылося адпяванне. 1 красавіка ў 11 гадзін сям’я, сваякі, калегі, вучні і аднавяскоўцы славутага беларуса сустрэліся пры яго магіле. Былі тут зачытаныя вершы, якія прафесар Баршчэўскі падпісваў псеўданімам – Алесь Барскі.
– Часамі да школы прыязджаў з Віктарам Шведам яны чыталі свае вершы, хоць ён не вельмі ахвотна гэта рабіў. Казаў, я не хачу перад сваімі людзьмі, бо падумаюць, што я вызвышаюся. Ёсць прымаўка – між сваімі няма прарокаў.
– Ён да канца быў верным тым справам і ідэям, бо ведаў, што беларускасць абазначае годнасць і адукацыю.
28 сакавіка ў Варшаве, на 92-ім годзе жыцця памёр паэт, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч, шматгадовы загадчык кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага Універсітэта – прафесар Аляксандр Баршчэўскі. Аляксандр Баршчэўскі з’яўляецца аўтарам звыш 100 навуковых публікацый. На могілках у Юшкавым Грудзе прайшло апошняе развітанне з гэтым выдатным навукоўцам і шчырым беларусам.
Беларускае Радыё Рацыя