Прайшоў ХХІV агульнапольскі конкурс паэзіі і прозы „Дэбют”, ладжаны „Нівай” і Беларускім саюзам у Польшчы
Паўсотні тэкстаў на роднай мове даслалі ў рэдакцыю „Нівы”. Прайшоў ХХІV агульнапольскі конкурс паэзіі і прозы „Дэбют”, зладжаны Праграмнай радай тыднёвіка „Ніва” і Беларускім саюзам у Польшчы. Працы ацэньвалі паэтка Надзея Артымовіч, пісьменнік Юры Плютовіч ды літаратар з Гародні Янка Трацяк.
Літаратурныя творы на роднай мове – гэта нашая зброя, падсумавала вынікі сёлетняга конкурсу паэтэса і яго арганізатарка – Міра Лукша.

„Дэбют у „Зорцы” ці ў „Ніве”, думаю, што гэта вялікі прэстыж. Перш за ўсё ўзнагароды, але сам дэбют на старонках, друк, бывае, што цэлую старонку са здымкам атрымлівае аўтар. Гэта вялікі прэстыж для аўтара, і думаю таксама такая цаглінка для нашай культуры. Кожнае слова, напісанае па-беларуску, гэта і зерне і зброя і куля. Мы ўзрастаем у беларушчыне і маем сваю абарону”.
Конкурс прайшоў у дзвюх узроставых групах: дзеці і моладзь пачатковых школ і гімназій, ды астатанія ўдзельнікі (выключна аўтары, якія не з’яўляюцца членамі літаратурных творчых саюзаў).
Сёлета ў першай групе першае месца заняла Аляксандра Лушынская з Лясной. Пасярод дасланых тэкстаў узрослых пісьменнікаў найлепшымі аказаліся вершы Аліны Кулешы–Самоцік з Нарвы.
Беларускае Радыё Рацыя
