Пракуратура Беластока выдала ордэр на арышт жаўнера, які ўцёк у Беларусь



Пракуратура беластоцкага раёна Беласток-Поўнач у панядзелак, 27 снежня, выдала ордэр на арышт жаўнера 16-ай Паморскай механізаванай дывізіі – Эміля Чэчка, які дэзертаваў у Беларусь.

Эміль Чэчка

Ордэр дзейнічае на тэрыторыі Польшчы. Раней польскаму жаўнеру пракуратура Беластока завочна прад’явіла абвінавачанне па артыкуле „Дэзертырства”. Паведамляе польскі тэлеканал tvn24.pl.

Па дадзеных 16-й Паморскай механізаванай дывізіі, дзе салдат праходзіў службу, Эміль Чэчка знік без вестак пры выкананні сваіх абавязкаў у раёне населеных пунктаў Нараўка, Сямяноўка і Семянаўскага вадасховішча. Пачаўся пошук, аднак пазней высветлілася, што ён перайшоў мяжу і аказаўся ў Беларусі.

Паводле інфармацыі ўладаў Беларусі і СМІ, Эміль Чзчка збег у Беларусь 16 снежня. Ён папрасіў палітычнага прытулку.

У Польшчы ў дачыненні да яго распачата крымінальная справа за дэзерцірства – яму пагражае пакаранне аж да 10-ці гадоў пазбаўлення волі. У сувязі з інцыдэнтам былі звольненыя ягоныя камандзіры.

Беларускае Радыё Рацыя