Беластоцкая пракуратура не пабачыла заклікаў да нянавісці ў маршы ONR
Беластоцкая пракуратура спыніла справу адносна маршу Нацыянальна-радыкальнага лагеру ONR. Паводле пракуратуры, не кожнае выказванне – гэта заклік да нянавісці.
Прыгадаю, што сёлета 16 красавіка ў Беластоку некалькі соцен актывістаў ONR адзначалі 82-ю гадавіну стварэння арганізацыі. Удзельнікі маршу скандавалі нацыяналістычныя і антысемісцкія лозунгі.
Рашэнне пракуратуры каментуе Катажына Штоп-Руткоўская з Фонду “SocLab”:
– У грамадстве існуе негатыўны сігнал, які кажа пра тое, што можна ў публічных месцах распальваць нянавісць, ужываць лозунгі, якія заклікаюць да нянавісці, і за гэта не будзе ніякай рэакцыі з боку ўладаў. Гэта вельмі кепскі сігнал з пункту гледжання, што робіцца ў сучаснай Польшчы, – пашырэнне антысеміцкіх, расісцкіх выказванняў у публічных дускусіях.
У паведамленні Беластоцкай пракуратуры адзначаецца, што прагляд аўдыёзапісу маршу не пацвердзіў, што удзельнікі скандавалі лозунгі з прыкметамі ксенафобіі. Прапаную невялікі ўрывак з архіўнага запісу маршу, пра які ідзе размова:
Кіраўнік Нацыянальнага руху Робэрт Вінніцкі кажа, што лічыць правільным рашэнне Беластоцкай пракуратуры. Свой каментар ён даў каналу tvn24. Паводле яго, кожны паляк мае права на выказванне сваіх думак і поглядаў:
– Перш за ўсё лічу, што ў Польшчы існуе свабода выказванняў і права на агучванне пэўных палітычных перакананняў. І гэта ўсё павінна існаваць у існуючай свабодзе ваказванняў. Думаю, што ў Польшчы трэба яшчэ больш загарантаваць свабоду слова.
Акрамя самаго маршу нацыянал-радыкалаў, справа тычылася і выказванняў ксяндза Яцка Мендляра ў беластоцкай катэдры, якія на думку многіх, былі з прыкметамі ксенафобіі. Паводле пракуратуры, у сваім выступе ксёндз адклікаўся да біблійных падзеяў. У сваім твітары ксёндз пракаментаваў рашэнне пракуратуры так: “Нуль талерантнасці для габрэйскай баязлівасці”. Пазней гэты допіс знік з сацыяльнай сеткі.
Яна Запольская, Беларуская Радыё Рацыя
Фота wiadomosci.gazeta.pl