Прамовы, адзначэнні і ніякіх пытанняў. У Беластоку Мясніковіч сустрэўся з нацменшасцю



“Супрацоўніцтва з беларусамі замежжа атрымала новы імпульс”, – заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. У апошні дзень свайго чатырохдзённага візіту ў Польшчу ён сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці.

Мясніковіч гаварыў пра тое, што сучасная Беларусь – гэта “стабільная, мірная, еўрапейская краіна”, “донар стабільнасці і спакою ў Еўропе”. І абяцаў падтрымку беларусам Падляшша:

Мы зацікаўлены ва ўдзеле беларусаў Падляшша ў канструктыўнай, стваральнай працы на карысць шматмільённага беларускага народа. Ваша падтрымка вельмі патрэбна. Беларуская дзяржава са свайго боку будзе дапамагаць беларусам у Польшчы ў захаванні і развіцці беларускасці, традыцый, культуры і мовы.

Падчас сустрэчы адбыўся шэраг адзначэнняў. Сярод адзначаных падзякамі і дыпломамі: старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Ян Сычэўскі ды сама арганізацыя БГКТ, сакратар галоўнага праўлення БГКТ Валянціна Ласкевіч, дырэктар бельскага Дома культуры Альжбета Фіёнік, старшыня Рады Гайнаўскага павета, былы дырэктар гайнаўскага белліцэя Яўген Сачко, галоўны рэдактар выдання “Праваслаўны агляд”, былы дэпутат польскага Сейма Яўген Чыквін, старшыня беларускага літаб’яднання “Белавежа” Ян Чыквін, старшыня Фонда імя князя Канстанціна Астрожскага Анна Радзюкевіч, намеснік старшыні БГКТ Васіль Сегень.

Гайнаўскі і Бельскі ліцэі з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў якасці падарункаў  атрымалі касцюмы для школьных калектываў. Падарункі, у тым ліку традыцыйныя жаночыя і мужчынскія кашулі, атрымаў Музей малой Айчыны ў Студзіводах.

Дырэктар бельскага белліцэя Андрэй Сцепанюк адказаў на пытанне нашага радыё пра тое, якім хоча бачыць супрацоўніцтва з беларускім бокам:

Мы заўсёды будзем супрацоўнічаць з беларускім бокам, калі ён будзе даваць нам напрамкі, звязаныя з развіццём беларускай мовы, беларускай культуры і беларускай адукацыі – так гэта трэба акрэсліць. Мы не чакаем нейкай падтрымкі матэрыяльнай, больш духоўнай.

“Я заўсёды кажу, што калі Беларусь будзе вельмі моцна беларуская, то нам нічога больш не трэба. Проста трэба, каб яна такой была і ўсё”.

Намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень адзначыў важнасць падтрымкі беларусаў Падляшша ў “напружаныя часы”, у тым ліку з увагі на ўшанаванне Польшчай тых асобаў, якія “зусім не былі героямі”:

– Дадатковы голас высокапастаўленага госця з-за мяжы ў абарону беларусаў, якія пражываюць на Падляшшы, з нашага пункту гледжання – вельмі-вельмі патрэбны. Зараз прыйшлося нам жыць у складаныя часы. Кожны голас падтрымкі ў наш адрас – істотны і важны. Калі мы самі гаворым, а нават крычым, што крыўда нам дзеіцца, гэта не заўсёды нашымі ўладамі чуецца. Але калі гэта на высокім дзяржаўным узроўні, то спадзяюся, эфекты ад гэтага для нас будуць станоўчым.

“Найвялікшы для нас выклік – гэта эканамічнае супрацоўніцтва”, – каментуе ўзаемадзеянне з беларускім бокам адзін з удзельнікаў сустрэчы, бургамістр Бельска Падляшскага Яраслаў Бароўскі. На думку бургамістра, прасторы для гаспадарчых кантактаў у памежным рэгіёне – вельмі шмат:

– Да граніцы – 50 кіламетраў. Дык з кім рабіць бізнес, як не са сваімі суседзямі? Нашыя фірмы найбольш чакаюць таго, каб граніца адкрылася, каб лягчэй было ладзіць гаспадарчае супрацоўніцтва, а сёння ведаем, як сітуацыя выглядае. Я цешуся з таго, што спадар Мясніковіч сустрэўся з польскімі ўладамі, бо можа нешта на нашым гарызонце палепшыцца і гэтае супрацоўніцтва будзе на вышэйшым узроўні.

Міхаіл Мясніковіч у Беластоку завяршыў свой чатырохдзённы візіт у Польшчу. Адным з найбольш важных пунктаў яго праграмы на Падляшшы стала наведванне вёскі Залешаны ды ўшанаванне памяці ахвяр атрада Рамуальда Райса “Бурага”.

Сустрэча з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці прайшла ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. У ёй прынялі ўдзел таксама падляшскі ваявода Богдан Пашкоўскі і маршалак ваяводства Артур Касіцкі.

Цалкам  матэрыял:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара