Прапраўнук Адама Міцкевіча дапамагае беларусам захаваць сваю ідэнтычнасць у Літве
Раман Гарэцкі-Міцкевіч: Калі беларус размаўляе па-руску, то хоча ён гэтага ці не, будзе бліжэй да Расіі, чым да Еўропы.
Аляксандр Адамковіч: Кім з’яўляюцца беларусы Літвы?
Раман Гарэцкі-Міцкевіч: На маю думку, беларусы і літоўцы маюць доўгую агульную гісторыю і таму гэтыя народы не чужыя адзін аднаму. І беларусы жывуць у Літве з часоў ВКЛ, гэта народ часоў ВКЛ.
Аляксандр Адамковіч: Вы кіруеце польскім рухам у Літве “Локіс”. І тут адразу ўзнікае такое пытанне, як паланізацыя беларусаў. Ці падзяляеце Вы гэтую думку, што такі працэс увогуле меў месца?
Раман Гарэцкі-Міцкевіч: Хачу падкрэсліць, што “Локіс” не з’яўляецца толькі польскім рухам. “Локіс” – гэта аб’яднанне ўсіх людзей Віленшчыны, якія падзяляюць нашыя погляды. Калі былі выбары ў віленскае самакіраванне, у нас было вельмі шмат літоўцаў, быў таксама сярод кандыдатаў і адзін беларус. Лічу, галоўная праблема Віленскага раёна ў тым, што тут няма ні адной беларускай школы. Гэта нармальна мець тут хаця б адну беларускую школу.
Я не з’яўляюся тут спецыялістам па беларускім пытанні. Але лічу, што беларуская мова, якая была дзяржаўнай мовай ВКЛ са старых часоў, павінна функцыянаваць там, дзе жывуць беларусы і, паўтаруся, там павінна быць і беларуская школа.
Аляксандр Адамковіч: Як вы лічыце, ваш прадзед Адам Міцкевіч быў палякам?
Раман Гарэцкі-Міцкевіч: Я лічу, што ён быў грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага. І, зразумела, што ў яго творах было шмат беларускіх сюжэтаў. Тая ж самая прырода вакол Наваградка не толькі была ў яго творах, але і натхняла яго на творчасць.
Аляксандр Адамковіч: Як вы думаеце дапамагаць беларусам?
Раман Гарэцкі-Міцкевіч: Я зараз распачаў новы праект і стварыў свой тэлеканал BMTV (BM TV; www.bmtv.site), які вяшчае на розных мовах, на тых мовах, на якіх размаўляла Літва, калі была ў ВКЛ. Ёсць праграмы на польскай мове, на літоўскай, на ўкраінскай і, зразумела, на беларускай. Па-беларуску перадачы мы робім разам з журналістам Сяргеем Гаўрыленкам.
Я планую ў далейшым на гэтым тэлебачанні выдзеліць больш эфіра для беларускіх праграм. Пакуль у нас мала гледачоў і мы амаль невядомае тэлебачанне. Пакуль нас няма нават у Вільні, дзе мы з’явімся праз 6 месяцаў. А пакуль беларусы нашыя праграмы могуць глядзець у фэйсбуку.
Аляксандр Адамковіч: Зараз у Беларусі палітычны крызіс. Ці хутка ён завершыцца? І дзе сабе месца знойдуць беларусы: на Захадзе ці ў Расіі?
Раман Гарэцкі-Міцкевіч: Гэта цяжкае пытанне і я не магу на яго адказаць так проста без падрыхтоўкі, бо не спецыяліст у гэтым пытанні. Але хачу адзначыць, што на маю думку беларусы павінны зразумеюць, што маюць сваю мову і на ёй павінны размаўляць. На жаль, ёсць такая рэч, што беларусы размаўляюць па-руску. А калі ты размаўляеш па-руску, то ты хочаш гэтага ці не, будзеш бліжэй да Расіі, чым да Еўропы. І будзеш рускім. Адзіная магчымасць, распачаць зараз размаўляць па-беларуску, зрабіць гэтую мову дзяржаўнай, адміністрацыйнай, і толькі тады пачнеш думаць, як вярнуцца ў Еўропу.
Вы маеце вельмі прыгожую мову, якую павінны шанаваць. І тут у мяне самая вялікая прэтэнзія да Лукашэнкі, што ён нічога не робіць для папулярызацыі і распаўсюджвання беларускай мовы.
Са свайго боку я буду рабіць усё магчымае, каб гэтая мова мела спрыяльныя варункі для развіцця і існавання ў Літве.
Размаўляў Аляксандр Адамковіч, Вільня