Пратэстоўцы з Грабаўкі сустрэліся з ваяводам
Ці зможа гміна Грабаўка адлучыцца ад гміны Супрасль на Беласточчыне – пакуль невядома. Прадстаўнікі жыхароў гэтай тэрыторыі сустрэліся з новым падляшскім ваяводам Богданам Пашкоўскім. Грабаўка, Засцянкі, Генрыкава, Саўляны і Сабалева – гэтыя вёскі павінны былі адлучыцца ад гміны Супрасль з 1-га студзеня і стварыць новую гміну – Грабаўка. Аднак новы ўрад хоча адмяніць гэтае рашэнне. Паводле дэпутаткі рады гміны Супрасль і солтыса вёскі Калонія Сабалева Людмілы Савіцкай, ваявода абяцаў пазнаёміцца са справай і вырашыць яе як мага хутчэй:
— Ён паведаміў, што перадасць гэта далей і будзе старацца, каб рашэнне было прынятае, як мага хутчэй, пасля грунтоўнага аналізу. Якім будзе гэтае рашэнне мы сказаць пакуль не можам, бо спадару ваяводзе патрэбны час, каб азнаёміцца з матэрыялам. Я толькі спадзяюся, што Савет міністраў, які будзе прымаць рашэнне разгледзіць гэтае пытанне аб’ектыўна і ўшануе волю нашых жыхароў.
Жыхары Грабаўкі не спыняюць пратэст на дарозе нумар 65 у напрамку памежнага перахода Баброўнікі-Бераставіца. З пятніцы штодня каля двухсот чалавек блакуюць кальцавую развязку.
Пасля сустрэчы з ваяводам жыхары вырашылі блакаваць толькі частку дарогі. Кожныя пяць хвілінаў яны будуць спыняць забастоўку, каб разгрузіць чаргу аўтамабіляў. Сёння блакада пройдзе з 14 да 16 гадзіну.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя