Праціўнікаў Маршу памяці выклятых жаўнераў аштрафавалі
Суд у Гайнаўцы аштрафаваў сёння першую групу актывістаў руху «Грамадзяне РП», якіх абвінавацілі ў спробе прадухіліць Марш памяці выклятых жаўнераў, ладжаны сёлета ў лютым крайне правымі нацыяналістычнымі сіламі.
Рашэнне суда не з’яўляецца правамоцным. Сённяшні прысуд першы з серыі судовых працэсаў супраць удзельнікаў контрманіфестацыі, якім паліцыя выставіла пратаколы правапарушэння. Паліцыянты абвінавацілі дзесяць чалавек у тым, што 23 лютага яны спрабавалі перашкодзіць арганізацыі або правядзенню дазволенага ўладамі маршу. Паліцыя таксама вінаваціць іх у тым, што яны перашкаджалі дарожнаму руху. Як паведамляе PAP, абвінавачаных пакаралі штрафамі ад 180 да 200 злотых. Для двух чалавек штрафы крыху ніжэйшыя, таму што суд апраўдаў іх па адным з трох абвінавачванняў. У судзе ў Гайнаўцы ёсць хадайніцтвы аб пакаранні амаль сямі дзясяткаў чалавек. Пакуль большасць з іх яшчэ чакае вызначэння даты судовых паседжанняў .
У лютым Марш памяці выклятых жаўнераў чацвёрты раз прайшоў па вуліцах Гайнаўкі. З пачатку года ініцыятыва выклікала ў горадзе эмоцыі, таму што ўдзельнікі марышу – польскія нацыяналісты гераізуюць капітана Рамуальда Райса „Бурага”. Атрад польскага ўзброенага падполля па ягоным загадзе ў пачатку 1946 года здзейсніў карныя аперацыі ў некалькіх беларускіх вёсак на Бельшчыне. Загінулі 79 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці.
Беларускае Радыё Рацыя