Працяг акцыі: Малы памежны рух – даеш старт! (абноўлена)
„Малы памежны рух – даеш старт!” – 15 чэрвеня з такім заклікам актывісты наведаюць памежны пераход Кузніца-Брузгі.
Кожны дзень беларуска-польскую мяжу перасякаюць шмат грамадзян Беларусі, якія часцяком і не ведаюць пра магчымасць увядзення малога памежнага руху.
Як тлумачыць Алесь Зарэмбюк з Беларускага дома ў Варшаве, некаторым грамадзянам прыходзіцца распавядаць пра карысці, якія нясе ратыфікаванне двухбаковага пагаднення:
– Калі ў іх пытаеш, то некаторыя грамадзяне кажуць: а, малы памежны рух – гэта адмысловы хуткасны рэжым у памежнай зоне. Кажу: не, зусім не, гэтае тое, што дасць вам права ездзіць з Гародні ў Саколку без візы, усяга за 20 еўра на 5 год, з адмысловай карткай, якая будзе называцца „малы памежны рух”.
Актывісты заклікаюць беларусаў звяртацца ў органы мясцовай улады і пісаць запыты сваім дэпутатам – з пытаннем, калі беларускі бок ратыфікуе дамову аб малым памежным руху. Падобныя акцыі ладзіліся ўжо на памежных пераходах Баброўнікі-Бераставіца і Тэрэспаль-Берасце.
16-га чэрвеня а 14 гадзіне ў межах акцыі „Малы памежны рух – даеш старт!” у Беластоку адбудзецца сустрэча са старшынём групы па справах Беларусі Робертам Тышкевічам.
Дэпутат Сейма разам з беларускімі актывістамі распавядуць наведнікам гандлёвага цэнтра Галерэя Бяла пра карысці ад увядзення малога памежнага руху.
Кажа Алесь Зарэмбюк:
– Будзем распаўсюджваць улёткі сярод беларускіх пакупнікоў, якія прыязджаюць на закупы. Будзем распавядаць пра малы памежны рух. Распавядзем пра яго карысць як для аднаго, так і для другога бакоў. Як для беларусаў, якія жывуць у памежнай зоне, так і для палякаў, якія жывуць у памежнай зоне, якія у выпадку ратыфікацыі дамовы пра малы памежны рух, будуць мець магчымасць з Саколкі ці Васількова ездіць у Гародню. Змогуць ездзіць у якасці турыстаў, якія цікавяцца нашай агульнай гістарычнай спадчынай.
Інфармацыйную кампанію “Малы памежны рух – даеш старт!” праводзяць прадстаўнікі Альянсу “Грамадзянская Гарадзеншчына“ у партнёрстве з Беларускім домам у Варшаве.
Дамову пра малы памежны рух у 2010-м годзе падпісалі прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Аднак, каб ажыццявіць гэтую ініцыятыву, патрэбны абмен дыпламатычных нотаў паміж абедзвюма краінамі, якую блакуе беларускі бок.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя