“Працягваем дапамагаць беларускім ваярам, якія змагаюцца ва Украіне”



Прасоўванне беларускага пытання і камунікацыя з мясцовымі палітыкамі, актуалізацыя тэмы стану беларускай праваабарончай супольнасці і атрымання Нобелеўскай прэміі міру, а таксама збор сродкаў на дапамогу Палку Каліноўскага.

Такі далёка не поўны спіс актыўнасцяў у прадстаўнікоў беларускай дыяспары Вялікабрытаніі, – распавёў беларус Тарас Старасел:

-Наша дыяспара, дыяспара Вялікабрытаніі, працягвае дапамогу беларускім ваярам, якія змагаюцца ва Украіне, мы сабралі сродкі на машыны. Адну з іх я асабіста гнаў з Вялікабрытаніі ў Польшчу. Потым яе перадалі ў Полк Каліноўскага. Мы такіх машын набылі пяць ці шэсць. Працягваем усім магчымым дапамагаць нашым хлопцам, якія змагаюцца ва Украіне супраць Расеі.

Як адзначыў суразмоўца, прыярытэтнай для беларускай дыяспары Вялікабрытаніі застаецца тэма вайны ва Украіне. Але стараюцца не забываць таксама і пра беларускі кантэкст.

Беларускае Радыё Рацыя