Працягваецца дэмаркацыя ўкраінска-беларускай мяжы
Палявыя працы ўжо распачаліся ў Берасцейскім раёне, у 60 кіламетрах на паўднёвы захад ад Берасця. Але памежнікі абедзвюх краінаў у працэсе размежавання сутыкаюцца з пэўнымі складанасцямі.
Усяго на беларуска-украінскай мяжы мяркуецца паставіць каля трох тысяч памежных слупоў, а таксама правесці інжынернае ўладкаванне пяцікіламетровай памежнай зоны як з беларускага, так і з украінскага бакоў.
Найбольш праблемнымі зонамі памежнікі называюць участкі ў раёна Альманскіх балотаў, а таксама, забрудненыя радыяцыяй землі ў раёне Палескага радыялагічнага запаведніка. Альманскія балоты практычна недаступныя для цяжкой тэхнікі. У зоне радыёактыўнага забруджвання дэмаркатарам даводзіцца прытрымлівацца суровага рэжыму бяспекі.
Пакуль запланаваныя палявыя працы на 300 кіламетрах беларуска-украінскай мяжы ў Берасцейскай вобласці і на 84 кіламетрах – у Гомельскай.
Працэс дэмаркацыі будзе доўжыцца ад 7 да 8 гадоў. Мяркуецца, што агульныя затраты складуць каля 160 мільярдаў беларускіх рублёў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя