У Чарнобыльскай зоне працягваецца пажар



У зоне адчужэння Чарнобыльскай атамнай станцыі чацвёрты дзень працягваецца пажар, паведамляе dw.com.

Пажарным украінскай Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях па стане на аўторак удалося патушыць агонь на плошчы прыкладна пяць гектараў лесу, але на тэрыторыі зоны адчужэння гараць яшчэ 35 гектараў сухой травы і кустоў.

Улады запэўніваюць, што радыяцыйны фон за межамі ахопленых пажарам тэрыторый знаходзіцца ў межах нормы, аднак эколагі паказваюць на патэнцыйную небяспеку таго, што адбываецца і патрабуюць узмацніць адказнасць за падпалы.

Выканаўца абавязкаў старшыні Дзяржаўнай экалагічнай інспекцыі Украіны Ягор Фірсаў на сваёй старонцы ў Facebook прызнаў, што пажар прывёў да падвышэння радыяцыйнага фону ў зоне адчужэння. „Паказчыкі прыбора складаюць 2,3 пры норме 0,14. Але такая сітуацыя толькі ў ачагу пажару”, — напісаў Фірсаў.