Працягваецца збор сродкаў на помнік св. Марыі Петручук



15-ць тысяч злотых яшчэ трэба сабраць, каб скончыць пабудову помніка на магіле святой са Шпакоў, пакутніцы Марыі Петручук, на праваслаўных могілках у Малешах.

Ужо сабрана 30 тысяч злотых, як адзначае сябра грамадскай ініцыятывы „Наша Памяць” Яраслаў Іванюк, жыхары Падляшша паспяхова здалі экзамен па грамадскай актыўнасці:

– Мы вельмі ўдзячныя, што беларуская грамадскасць Беласточчыны так адгукнулася на нашу прапанову пабудаваць уласнымі сіламі помнік на магіле святой Марыі Петручук. Ініцыятыва пабудовы помніка, фінансаванне гэтай пабудовы з грамадскіх сродкаў – гэта такі экзамен на актыўнасць беларускай грамадскасці на Падляшшы.

Грошы на помнік можна накіроўваць на рахунак з дапіскам „Наша памяць”:

– Увесь час трывае збор сродкаў, які мы заявілі ў міністэрства. Гэта ўсё адбываецца легальна. У рамках гэтага збору таксама збіраліся грошы падчас паломніцтва ў Малешах. Дзякуючы гэтаму мы ўвесь час можам прымаць ахвяраванні ад людзей, якія хочуць дапамагчы ў пабудове гэтага помніка.

Святая Марыя Петручук адна з ахвяр злачынства, якое было здзейснена 2 лютага 1946 году ў Шпаках аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса па мянушцы „Буры”. Марыя Петручук не паддалася гвалту, адзін з нападнікаў стрэліў у яе. Яна памерла 6 лютага 1946 году ў шпіталі ў Бельску Падляшскім. У 2018 годзе сябры ініцыятывы „Наша Памяць” адшукалі яе магілу.

Ахвяраванні на помнік можна дасылаць на рахунак: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, IBAN PL 70 1240 5211 1111 0000 4930 2882 з допісам „Nasza Pamięć”.

Беларускае Радыё Рацыя