Працягваецца змаганне па самастойнасць Грабаўкі
“Грамадзянская платформа” падала скаргу ў Канстытуцыйны суд на распараджэнне ўрада Польшчы ў справе Грабаўкі. Жыхары гэтай і навакольных вёсак цягам многіх гадоў вядуць змаганне за адлучэнне сваёй тэрыторыі ад гміны Супрасль. Калі два гады таму тагачасныя ўлады Польшчы вырашылі ўсталяваць новую падляшскую гміну Грабаўка, то паўгода пазней новы ўрад пастанову адмяніў. Гэтае апошняе распараджэнне было прынята з парушэннем закона, лічыць палітык “Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч:
– Гэта парушае Канстытуцыю праз неўласцівую форму прыняцця распараджэння. А па-другое, яно было прынята з парушэннем Канстытуцыі, бо не былі праведзены абавязковыя ў такіх сітуацыях грамадскія кансультацыі.
Пад заяўкай у канстытуцыйны суд падпісалася 50 дэпутатаў у парламент ад імя “Грамадзянскай платформы”. Жыхары Грабаўкі папярэджваюць, што са свайго боку пададуць скаргу на распараджэнне ўладаў у адміністрацыйны суд.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Грабаўка