Праваслаўныя беларусы Падляшша святкуюць Стары год
13 студзеня – апошні дзень Старога года паводле юліянскага календара. Праваслаўныя беларусы Падляшша па традыцыі святкуюць гэтую дату. Імпрэзы пройдуць у Беластоку, Бельску Падляшскім, Гайнаўцы ды іншых мясцовасцях. Як кажа беластачанка Любоў Трахімчук, Стары год звязаны з традыцыямі варажэння і так званых “фокусаў”:
– Моладзь выходзіла на вёску, варажыла, крала дровы ў суседзяў. Таксама платы абдымалі і пасля лічылі, ці ў гэтым годзе выйдзе замуж альбо ажэніцца.
Гагатуха, Багаты вечар, Шчодры вечар – апошні дзень Старога года паводле юліянскага календара на Падляшшы называлі па-рознаму. Сёння на хвалях нашага радыё – святочны Канцэрт пажаданняў, які пачнецца а 20-ай гадзіне паводле беларускага часу (а 18-ай паводле польскага).
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя