Праваслаўныя вернікі адзначаюць Дабравешчанне
Гарадскі асяродак культуры, спорту і рэкрэацыі ў Кляшчэлях зладзіў цягам апошніх тыдняў серыю майстар-класаў па выпяканні так званых «бусловых лапаў».
Удзельнікі – вучні падляшскіх школаў – самі рабілі гэтую абрадавую страву, што пячэцца ў дзень свята Дабравешчання. Праваслаўныя адзначаюць яго акурат сёння, 7 красавіка.
Кажа Яўгенія Казімерук з Гарадскога асяродка культуры, спорту і рэкрэацыі ў Кляшчэлях:
– Хочам, каб гэтая традыцыя працягвалася надалей. Каб яна не перарывалася. Бо пасля І Сусветнай вайны яна пачала знікаць у нашым рэгіёне, хоць і не паўсюль. Некаторыя гаспадыні культывавалі яе ўвесь час. І таму яна датрывала да нашых часоў.
Майстар-класы праходзілі як у Кляшчэлях, так і ў вясковым клубе ў Залешанах. Сёння арганізатары запрашаюць у Залешаны на «Фестываль бусловай лапы». Пачатак а 14-00.
Дабравешчанне Багародзіцы – адно з 12-ці вялікіх святаў. Дабравешчанне азначае «добрая» вестка. У гэты дзень Дзеве Марыі з’явіўся архангел Гаўрыіл і абвясціў Ёй пра будучае нараджэнні Ісуса Хрыста – Сына Божага і Збавіцеля свету.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя