Праз Літву з Беларусі вязуць цыгарэты і наркотыкі
Фактычна ніколі не спыняюцца спробы незаконнага перавозу тавараў праз беларуска-польскую мяжу. Аднак частка кантрабандыстаў шукае “шчасця” і на мяжы з Літвой.
Намеснік кіраўніка Каўнаскай тэрытарыяльнай мытні Юозас Рагяліс (Juozas Ragelis) расказвае, што ў выніку і літоўска-польская мяжа ўвесь час знаходзіцца пад пільным кантролем:
– Гэта не толькі шэнгенская граніца, але і граніца Еўразвязу. Таму вядзецца поўны кантроль, толькі іншыя формы гэтага кантролю. А праблемы, як і ў кожнай граніцы – кантрабанда і спробы нелегальнага пранікнення на тэрыторыю дзяржавы. Мы, літоўскія памежнікі, і нашыя польскія калегі таксама, рознымі спосабамі з гэтым змагаемся.
РР: Вядома, што адзін са шляхоў кантрабанды вядзе з Беларусі праз Літву ў Польшчу. Наколькі гэта актыўны шлях?
– Так, кантрабанда з Беларусі, Расеі і Кітая ідзе праз літоўскую тэрыторыю, у Польшчу і далей у Нямеччыну і Вялікабрытанію. Гэты рынак вялікі, попыт ёсць, і таму нелегальныя “бізнесоўцы” спрабуюць гэты попыт задавальняць.
РР: Вось гэтыя кантрабандысты праз літоўскую мяжу што пераважна вязуць?
– Пераважна, калі ў грашах ці ў тонах вылічаць, то гэта цыгарэты, потым наркотыкі ў абодва бакі – і з Беларусі, і ў Беларусь, потым нелегальныя падробленыя тавары, у тым ліку з парушэннем інтэлектуальнай уласнасці, ёсць спробы “гуляць” з дакументамі на паходжанне або цану тавара.
РР: Ці можна ацаніць аб’ёмы гэтага нелегальнага ўвозу?
– Цяжка адказаць на гэтае пытанне, гэта цяжка ацаніць. Існуюць толькі факты, калі такія парушэнні выяўляюцца. І тут дынаміка розная: адзін год іх менш, другі год – больш. Патлумачыць гэта можна рознымі прычынамі. Можа, чым больш кантрабанды выяўляецца, тым менш жадання на ёй трапіць, у выніку колькасць ахвотных перавозіць кантрабанду змяншаецца і мы фіксуем таксама менш падобных парушэнняў. Але можа быць і іншая версія, што знойдзеныя іншыя нелегальныя калідоры, пра якія мы яшчэ не ведаем. Версіі ўсе магчымыя, але попыт на нелегальны тавар, мы думаем, існуе пастаянны. Хоць усе краіны змагаюцца за здароўе сваіх жыхароў, рэкламуюць здаровы лад жыцця… Праўда, калі гэтага сапраўды дасягнем, то і кантрабанды менш будзе.
РР: Якія пакаранні вы ўжываеце ў дачыненні да кантрабандыстаў?
– Пакаранні за спробы незаконнага перавозу тавараў залежаць ад розных фактараў, у тым ліку ад аб’ёмаў кантрабанды. Гэта можа быць штраф, канфіскацыя тавара або аўтамабіля, а часам і крымінальная адказнасць, якая прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. Часам і грамадзяне Беларусі трапляюцца нам на ажыццяўленні незаконных дзеянняў.
Прадстаўнік літоўскіх мытных службаў Юозас Рагяліс дадае, што ў спыненні незаконных дзеянняў таксама важная і супраца памежных службаў з розных краінаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя