Матэвуш Маравецкі наведаў польска-беларускую мяжу (абноўлена)



„Беларусь адказвае за мігрантаў” – прэм’ер -міністр Матэвуш Маравецкі сустрэўся з прадстаўнікамі памежнай службы, Войска Польскага і паліцыі ў Кузніцы.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што дзеянні Беларусі – гэта спроба выклікаць вялікі агульнаеўрапейскі міграцыйны крызіс, да якога Польшча не дапусціць.

– Мігранты маюць стаць інструментам у замежнай палітыцы Лукашэнкі. Гэта грубая спроба выклікаць вялікі агульнаеўрапейскі міграцыйны крызіс. Але рэжым Лукашэнкі выбраў не тую граніцу, бо граніца Польшчы добра ахоўваецца.

Прэм’ер -міністр Матэвуш Маравецкі заклікаў, каб Беларусь прыняла польскую гуманітарную дапамогу для імігрантаў:

– Ад другой гадзіны ночы на польска-беларускай граніцы польскі гуманітарны транспарт знаходзіцца ў Баброўніках на мяжы. Мы звяртаемся, каб прапусцілі гэтую гуманітарную дапамогу для людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Прэм’ер-міністр дадаў, што ўрад падтрымлівае ўсе дзеянні, якія вядуць да стабільнасці на польскай мяжы. Ён таксама заклікаў апазіцыйных палітыкаў да адзінства, салідарнасці і адказнасці.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Кузніца

* * *

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі падзякаваў сёння польскім салдатам і пагранічнікам за ахову польска-беларускай мяжы.

«Палякі вам гэтага не забудуць» – запэўніў прэм’ер-міністр. Сітуацыя, перад якой мы апынуліся, – безпрэцэдэнтная, сказаў Маравецкі, які сёння прыехаў да Уснара на польска-беларускай мяжы.  Паводле яго, з боку Аляксандра Лукашэнкі вядзецца гібрыдная вайна, мігрантаў з Беларусі падвозяць да мяжы з Польшчай, каб дэстабілізаваць абстаноўку. „Мы эфектыўна супрацьстаім гэтым захадам”,  – заявіў польскі прэм’ер.

„Нашая ўсходняя мяжа з’яўляецца шэнгенскай мяжой, мяжой Еўразвязу. Маем поўную падтрымку Еўракамісіі  і падзяку за добра праведзеную контракцыю, за дзеянні, якія абмяжоўваюць нелегальную міграцыю на тэрыторыю Рэчы Паспалітай”, – дадаў ён.

На польска-беларускай мяжы ўжо 16 дзён група мігрантаў хоча перасекчы польскаую мяжу  каля Уснара.  Юрыдычна ўцекачы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, але беларускія памежнікі не пускаюць іх у краіну. А польскія памежнікі, у сваю чаргу, не прапускаюць іх у Польшчу.

* * * 

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі наведвае сёння Падляшскае ваяводства. Ён сустракаецца, між іншым, з памежнікамі, паліцэйскімі і жаўнерамі, якія ахоўваюць польскую мяжу. Візіт пачынаецца з брыфінгу са штабам памежнай службы на аб’екце ў Куніцы. Пазней Матэвуш Маравецкі сустрэнецца з прадстаўнікамі памежнай службы, польскага войска і паліцыі.

Прэс -канферэнцыя на памежным пераходзе запланавана на 16.50.

 * * * 

Кіраўнік ураду Польшчы 24 жніўня будзе з афіцыйным візітам на Падляшшы. У рамках прыезду прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі наведае польска-беларускую мяжу. Ён возьме ўдзел у сустрэчы з кіраўніцтвам Памежнай Варты, а потым спаткаецца з памежнікамі, прадстаўнікамі польскага войска, а таксама паліцыі.

Плануецца таксама праезд Маравецкага па памежнай паласе і сустрэча з жыхарамі Шашкоўцаў, што ў памежнай гміне Кузніца.

На 16.50 запланаваны брыфінг для прэсы пры памежным пераходзе.

Візіт звязаны з павелічэннем колькасці мігрантаў з Азіі на беларуска-польскім сумежжы і небяспекай для ўсходняй мяжы Польшчы і ўсяго Еўразвязу.

Беларускае Радыё Рацыя