Прэмія за працу на карысць культуры
Манашка Юліянна Дзянісава і прадпрымальнік Канстанцін Шэвель з Беларусі сталі сёлета лаўрэатамі прэміі фонду князя Астрожскага. Капітул фонду ў Беластоку назваў найбольш выдатных людзей, якія працуюць на карысць культуры і ўзбагачэння праваслаўнай духоўнасці. Яшчэ адзін лаўрэат – прафесар Мажанна Кучыньска з універсітэта ў Познані. Прэміі ўжо 28 раз прызнае капітул фонду. Кажа сустаршыня фонду – галоўны рэдактар выдання «Przeglad Prawoslawny» Яўген Чыквін:
– Юліянна Дзянісава – манашка з манастыра ў Навінках, у Менску. Выдатны кампазітар і дырыжор. А другі лаўрэат – гэта Канстанцін Шэвель, які шчодра дзеліцца ўсім, служыць адраджэнню праваслаўя і духоўнасці ў Беларусі. І трэці лаўрэат – прафесар Мажанна Кучыньска з Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані. Яна займаецца старадрукамі.
У гэтым годзе прызнана таксама яшчэ адна прэмя як акт пашаны для ўсіх перасяленцаў акцыі «Вісла». У гэтым годзе спаўняецца 70 гадоў з гэтай падзеі. Уручэнне прэміі адбудзецца ў траўні падчас урачыстасці Міжнароднага фестывалю «Дні царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы».
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nesvizh.by