Прэс-канферэнцыя з нагоды затрымання Макарыя Малахоўскага
Прэс-канферэнцыя з нагоды затрыманага ў Польшчы беларуса Макарыя Малахоўскага прайшла ў Цэнтры беларускай салідарнасці.
Беларус падрабязна распавёў, што з ім здарылася: польская паліцыя затрымала яго 12 верасня, бо беларускія сілавікі ўнеслі яго ў спіс Інтэрпола. Але на наступны дзень, 13 верасня, пры размове з пракурорам сітуацыя вырашылася, кажа Макарый:
– Пракурор мне зачытаў проста пісьмо, якое прыслалі беларусы. Чаму і за што. Мне яго прачыталі. Я сказаў, што не згодны. Мяне спыталі, ці хачу я нешта дадаць да гэтай інфармацыі, патлумачыць гэтую сітуацыю. Я сказаў, што хачу дадаць, і са свайго боку апісаў усю сітуацыю на Беларусі. Запісалі разам з адвакатам і перакладчыкам і дадалі да справы.
У вырашэнні сітуацыі з Макарыям дапамагаў дэпутат польскага Сейма Міхаіл Шчэрба. Ён адзначыў, што пракурор адразу зразумеў, што атрыманне Макарыем „чырвонай ноты” Інтэрпола мела палітычныя прычыны. Макарый не ёсць злачынцам.
– І Расея і Беларусь выкарыстоўваюць апулікавання „чырвонай ноты”, і гэта ёсць форма рэпрэсіі. Кожная асоба, якая впісана недэмакратычным рэжымам, Расеяй, альбо Беларуссю, павінна быць праз польскія службы замежных спраў верыфікавана. Каб не было такіх сітуацый, калі паліцыя затрымлівае асобу, якая ёсць у той базе дадзеных, асоба павінна па-просту быць вызначана.
Верыфікаваць беларусаў проста: Польша павінна паглядзець, ці атрымаў чалавек, унесены Беларуссю ў спіс Інтэрпола, гуманітарную візу альбо міжнародную абарону.
А суд па вырашэнні пытання экстрадыцыі Макарыя Малахоўскага не адбудзецца — польскі пракурор закрыў гэтую справу на сваім роўні.
Прадстаўнік Цэнтра беларускай салідарнасці Антось Жукаў, Макарый Малахоўскі, дэпутат Міхал Шчэрба.
Беларускае Радыё Рацыя