Прэзентацыі новага рамана Някляева ў Польшчы завяршыліся, далей яны пройдуць у Літве



Сустрэчамі на Падляшшы завяршыўся прэзентацыйны тур новага рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» па гарадах Польшчы. Презентацыі адбыліся ў Кракаве, Вроцлаве, Познані, Гданьску, Варшаве, Лодзі, Беластоку і Бельску-Падляшскім.

Наступныя дзве сустрэчы адбудуцца ў Літве. Кажа выдавец рамана Яраслаў Іванюк:

– У Вільні будзе дзве сустрэчы. У Літве, як і ў Польшчы, сёння вялікая беларуская эміграцыя. Першая сустрэча будзе ў Саюзе літоўскіх пісьменнікаў (K. Sirvydo g. 6), бо яны таксама вельмі зацікаўленыя. Дарэчы, творы Уладзіміра Някляева перакладаліся раней на літоўскую, таксама зрэшты і на польскую мову. І яны запрапанавалі, каб такая сустрэча прайшла менавіта ў Саюзе літоўскіх пісьменнікаў (17.00). Гэта будзе 3 снежня. І 4 снежня – у Беларускім Доме на Vilniaus g. 20, у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча (17.00).

Уладзімір Някляеў працаваў над раманам «Гэй Бэн Гіном» з 2016 па 2020 год у Менску, Маскве, Вільні і Ню-Ёрку. Беларускі чытач мог пазнаёміцца з часопісным варыянтам твора на старонках «Дзеяслова». Кнігай раман выдадзены ўпершыню.

Беларускае Радыё Рацыя