Прэзентацыя кароткаметражнага фільма “000109” у Варшаве
У арт-галерэі Варшавы адбылася прэзентацыя кароткаметражнага фільма “000109”, створанага дзвюма беларускамі – рэжысёрам Дар’яй Браян і прадзюсерам Марыяй Крук. Гэта чацвёрты з запланаваных 12 фільмаў пад агульнай тэматыкай Revolution.

Фільм “000109” – фільм аднаго героя – дасканалага грамадзяніна Беларусі, па версіі былога прэзідэнта Лукашэнкі, кажа Дар’я Браян:
– Ён мае дзве спасылкі. Першая – гэта 01.09 Шэйман быў прызначаны правай рукой прэзідэнта. І другая спасылка – мы дадалі 00 у пачатку, каб выглядала як асабісты нумар. То бок у кожнага служачага рэжыму ёсць вось гэтыя асабістыя нумары. Каб хоць крыху прымеркаваць да Оруэла, да яго антыўтопіі і правесці паралель.
Удзельнікі прэзентацыі вельмі былі ўражаны фільмам. Чалавек, якога хоча бачыць рэжым Лукашэнкі, – гэта бяздушны і абыякавы робат, кажа ўдзельніца прэзентацыі Таццяна Малашчанка:
– Бы нелюдзі, яны свайго жыцця не адчуваюць, смаку жыцця не адчуваюць. І таму ім знішчыць іншае жыццё – ніякай праблемы.
Голас чалавека суправаджаецца субтытрамі на ангельскай мове. Паводле актывісткі Маладзёвага хабу Станіславы Гліннік, фільм будзе зразумелы англамоўнай аўдыторыі, што будзе спрыяць яго значнаму пашырэнню і папулярызацыі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:






Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя
