Прэзентавалі кнігу “Катлы на Літоўскім гасцінцы”



Гэтай манаграфіі маглі б пазайздросціць многія польскія ды беларускія гарады. У музеі Падляшскай народнай культуры прайшла прэзентацыя кнігі “Катлы на Літоўскім гасцінцы”.

Аўтарамі кнігі, пад рэдакцыяй вядомага этнограф Дарафея Фёніка, з’яўляюцца Ян Мінкевіч і Уладзімір Кірылюк. Абодва аўтары паходзяць з вёскі Катлы, што на Падляшшы. Выданне апісвае гістарычныя падзеі, а таксама лёсы жыхароў вёскі Катлы.

 

Гэта перадусім гісторыя праваслаўнага прыхода, першая сусветная вайна, час бежанства, але таксама штодзённае жыццё жыхароў вёскі і наваколля.

Паволе аўтара ідэі ўзнікнення кнігі Уладзіміра Навумчука, пры працы над выданнем дапамаглі шматлікія асобы – цяперашнія і былыя жыхары вёскі Катлы.

– З першых раздзелаў гэтая праца зацікавіла. Людзі давалі свае фотаздымкі, давалі свае дакументы. Тут шмат пісем, якія людзі пісалі. Пісалі тыя, хто быў вывезены на прымусовыя працы.

Кніга “Катлы на Літоўскім гасцінцы” была выдадзеная музеем Малой бацькаўшчыны ў Студзіводах.

У час сустрэчы ў Падляшскім музеі народнай культуры можна было таксама пазнаёміцца з іншым выданнем з бібліятэкі ў Студзіводах. Вершы са зборніка “Пока” прэзентавала яе аўтарка Зоя Сачко. Госцям сустрэчы заспяваў таксама калектыў “Жэмэрва”.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтра