Прэзідэнт Беластока ўзнагародзіў настаўніцу беларускай мовы



Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі ўзнагародзіў прадстаўніцу беларускай меншасці Аліну Ваўранюк, якая працуе настаўніцай у школе №4, дзе выкладае беларускую мову.

РР: Якой была нагода для ўзнагароджання?

Аліна Ваўранюк: 14-га кастрычніка ў Польшчы адзначаецца Дзень настаўніка, з гэтай нагоды прэзідэнт горада ды кураторыя ўзнагароджваюць лепшых настаўнікаў. Гэтых настаўнікаў загадзя прапануюць дырэктары школ, ёсць тэрмін, да якога трэба падаць заяву, трэба напісаць пра яго працу, пра яго дасягненні і г.д.

РР: Ці звязана гэта ўскосна з 20-годдзем беларускай адукацыі на Беласточчыне?

Аліна Ваўранюк: Не. Думаю, што пра гэта нават дырэктар забыў, бо яшчэ вясной падавалі гэтую заяву. З 20-годдзем гэта не звязана, хаця дакладна звязана з тым, што ўжо столькі гадоў працую. Думаю, што гэта за ўсё тое, што я столькі часу рабіла з вучнямі і бацькамі.

РР: Што гэта за ўзнагарода?

Аліна Ваўранюк: Гэта дыплом з грашовай узнагародай.

Фота facebook.com/burylka

РР: У Беларусі вельмі цяжка знайсці беларускамоўныя кнігі для зусім маленькіх. Я ведаю, што вы выдалі такую кнігу і яна разыйшлася.

Аліна Ваўранюк: Для маленькіх дзяцей, як толькі пачала дзейнічаць АБ-БА ў 2006 ці 2007 гг., мы выдалі адну з цікавейшых кніг на беларускай мове для дзяцей на беларускай мове „Прыгоды мішкі Пік-Пік” Людмілы Рублеўскай. Першым было нашае кніжнае выданне, а толькі потым гэтая кніга з’явілася ў Беларусі. Толькі наша адрозніваецца тым, што малюнкі рабіла тады яшчэ студэнтка Вераніка, дачка Люмілы Рублеўскай.

РР: Распавядзіце пра знакаміты „Лемантар”.

Хто хоча скарыстацца „Лемантаром”, можа ўвайсці на scholaris.pl.

Аліна Ваўранюк: Там яго можна спампаваць у PDF і раздрукаваць, таму няма праблемы. Ведаю, што некаторыя школы на Беласточчыне карыстаюцца ім менавіта такім чынам.

РР: Вы не накладаеце аўтарскія правы і забарону на распаўсюд?

Аліна Ваўранюк: Не, бо ў нас такая сітуацыя, што калі выдаюцца падручнікі для нацыянальных меншасцяў, то яны атрымліваюць фінансавую падтрымку з боку Міністэрства адукацыі. Калі мы, як аб’яднанне рыхтавалі гэты „Лемантар”, то сродкі атрымалі з мінадукацыі. Мы нават абавязаныя былі падпісацца, што даем дазвол на размяшчэнне на scholaris.pl. Увесь тыраж пайшоў у кураторыю, але яго можна свабодна раздрукаваць.

РР: Як мясцовыя дзеці ўспрымаюць кірыліцу?

Аліна ВаўранюкГэта для іх зусім новае. У нас вельмі ўсё памянялася, у прадшколлі ўвогуле не вывучаюць літар, таму большасць з іх пазнае толькі лацінку. Я вырашыла, што няма сэнсу ўводзіць лацінку і кірыліцу адначасова, лепш гэта адкласці да другога класа. Я ў лепшай сітуацыі, бо большасць дзяцей прыходзіць з садка №14. Яны ўжо наслухаліся беларускай мовы, яны ведаюць шмат беларускіх слоў, я не мушу надта перакладаць падчас уроку. Прыходзяць таксама дзеці, для якіх гэта зусім новае. Першы клас на тое, каб дзеці наслухаліся беларускай мовы, нагуляліся з беларускай мовай, пазнавалі вершы, песні, гульні. Толькі ў другім класе пачынаем літары, а ў трэцім класе зноў кола ведаў пашыраецца.

РР: Ці размаўляюць дзеці па-беларуску па-за ўрокамі?

Аліна ВаўранюкНе, такіх дзяцей амаль няма. Нават з адказамі па-беларуску ў нас бывае цяжкавата. Не будзем забываць, што мы жывем у Польшчы, і мы жывем у моры польскай мовы.

Калі ў Беларусі не ўсе карыстаюцца беларускай мовай, то нельга чакаць, што на Беласточчыне раптам усе дзеці загавораць на літаратурнай беларускай мове.

Некаторыя карыстаюцца беларускай мовай у хаце, але не літаратурнай, а дыялектнай.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Гутарыў Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя