Прэзідэнт Беластоку: Дэфіцыт бюджэту захаваецца на роўні бягучага года



“Бюджэт цяжкага працягу” – так назваў фінансавы план Беластока на наступны год прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі.

Плануецца, што даходы сталіцы Падляшша ў 2022 годзе складуць 2 мільярды 100 мільёнаў злотых, і гэта на 48 мільёнаў менш, чым сёлета. А планаваныя выдаткі маюць перавысіць 2 мільярды 220 мільёнаў злотых, і гэта на 45 мільёнаў менш за бягучы год:

„Ёсць старая польская прымаўка: “tak krawiec kraje, jak mu materii staje”. У нашым выпадку даходы горада зменшацца. Але з іншага боку, ёсць і пазітыўныя моманты бюджэту, звязаныя найперш з даходамі і выдаткамі ад уласнасці. Вырасце аб’ём інвестыцый на 2 працэнты, або на некалькі дзясяткаў мільёнаў злотых. Дэфіцыт бюджэту захаваецца на ўзроўні бягучага года, але агульны памер запазычанасці горада – зменшыцца”.

Прэзідэнт Трускаляскі заўважыў, што на бюджэт уплывае агульнае змяншэнне даходаў і наступствы пандэміі. Выхад з рэцэсіі можа зацягнуцца на некалькі гадоў. Тым ня менш горад плануе шэраг інвестыцыйных праектаў. Між іншым, мае паўстаць вялікі перасадачны вузел з калідорамі грамадскага транспарту, на які прадугледжана 93 мільёны злотых. Канчатковы бюджэт мае зацвердзіць Рада горада Беласток.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя