Прэзідэнт горада Беласток прызначыў намеснікаў
Прэзідэнт горада Беластока прызначыў намеснікаў на свой трэці тэрмін. Сярод чатырох віцэ-прэзідэнтаў двое – гэта новыя асобы – Рафал Рудніцкі, піяр-менеджэр беластоцкага тэлебачання, і Роберт Юзвяк, намеснік старшыні Прадпрыемства гарадскога транспарту.
Раней віцэ-прэзідэнтам быў беларус Аляксандр Сасна, які ўвесну стаў дэпутатам польскага Сейму.
Сярод цяперашніх намеснікаў няма ніводнага прадстаўніка беластоцкіх меншасцяў, кажа прэзідэнт Тадэвуш Трускаляскі:
– Намеснікамі з’яўляюцца асобы, я працую з асобамі, а не з асяроддзямі, бо мушу мець абсалютную ўпэўненасць, што асобы, якія са мной супрацоўнічаюць, з’яўляюцца кампетэнтнымі. Дэкларую далейшую супрацу з асяроддзямі меншасцяў, яна магчымая ў розных формах. Спадар Сасна быў прызначаны таму, што я добра яго ведаў і быў упэўнены ў тым, што ён выканае свае абавязкі, і калі б не адмовіўся, то быў бы да сённяшняга.
З прэзідэнтам Трускаляскім трэці тэрмін будзе таксама супрацоўнічаць Адам Палінскі, адказны за адукацыю, дарогі і грамадскі транспарт. Сацыяльнымі справамі, культурай, спортам і рэкламай Беластоку будзе займацца Рэната Пшыгодзкая.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
