Прэзідэнт Польшчы не падтрымаў польскіх нацыяналістаў (абноўлена)
Марш у гонар выклятых жаўнераў у Гайнаўцы пройдзе без патранату прэзідэнта Польшчы.
Канцылярыя прэзідэнта Анджэя Дуды абвергла паведамленне арганізатараў маршу ў гонар выклятых жаўнераў пра ганаровы патранат прэзідэнта.
Запланаваны на 27 лютага гайнаўскі марш у гонар выклятых жаўнераў ладзіць „Нацыянальна-радыкальны лагер”.
На ўлётцы прысвечанай маршу змешчана выява Рамуальда Райса (псеўданім „Буры”), адказнага за забойствы і гвалт у адносінах да жыхароў беларускіх вёсак на Беласточчыне.
Супраць прэзідэнцкага патранату над маршам у Гайнаўцы выступіла партыя „Разам”, а таксама польскія публіцысты, сярод якіх Цэзары Гмыз з тыднёвіка „Do Rzeczy”.
Гэта не адпаведнае месца і час на правядзенне маршу ў гонар выклятых жаўнераў. Падляшскія сябры партыі „Разам” супраць маршу ў Гайнаўцы, адным з герояў якога мае быць асоба Рамуальда Райса псеўданім “Буры”.
Паводле Севярына Пракапюка з партыі “Разам”, “Буры” для мясцовай беларускай грамадскасці з’яўляецца сімвалам зверскіх забойстваў. Дата, якую абралі арганізатары маршу, трапляе на 70-ую гадавіну гэтак званага рэйду “Бурага”:
– Арганізатары хочуць стварыць пэўнае напружанне ў лакальнай супольнасці. Дата правядзення трапляе на 70-ую гадавіну тых трагічных падзей, што адбыліся на Падляшшы. Адным з галоўных герояў, якога шануюць арганізатары гэтага маршу, з’яўляецца Рамуальд Райс псеўданім “Буры”, які адказны за пацыфікацыю некалькіх праваслаўных вёсак, а таксама забойства 30-ці праваслаўных вазакоў у студзені-лютым 1946 года.
Арганізатарамі маршу з’яўляюцца „ONR” (Нацыянальна-радыкальнага лагер) і гайнаўскі радны Багуслаў Лабэндзкі з гістарычнага таварыства імя Дануты “Інкі” Седзікуўны. Марш пройдзе 27-га лютага ў Гайнаўцы.
[youtube id=”3M_Gk8SVW9k”]
Беларускае Радыё Рацыя