Прэзідэнты Польшчы і Літвы абмеркавалі пытанні бяспекі на сустрэчы ў Кракаве



Пытанні бяспекі ды польска-літоўскага супрацоўніцтва ў двухбаковым і ў міжнародным плане абмяркоўвалі падчас сустрэчы ў Кракаве прэзідэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа.

Прэзідэнты таксама абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. “Сёння мы спрабуем разам – хаця б на палітычным роўні – падтрымаць нашых суседзяў у Беларусі. Мы хочам там сапраўднай дэмакратыі, каб грамадзяне Беларусі, у тым ліку грамадзяне літоўскага і польскага паходжання, маглі самавызначыцца” – сказаў падчас прэс-канфэрэнцыі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

– Мы хацелі б, каб, па-першае, не было там пераследаў, каб арыштаваныя з прычын палітычных, былі вызвалены з турмаў. І каб грамадства дачакалася праўдзівых, вольных, дэмакратычных выбараў.  

Анджэй Дуда адзначыў, што і Варшава і Вільня будуць і надалей падтрымліваць намаганні беларусаў да дэмакратыі і свабоды.

– Каб быў менавіта іх выбар, здзейснены на дэмакратычных прынцыпах, каб гэта быў выбар беларускага грамадства. Падтрымліваем яго разам з панам прэзідэнтам і будзем падтрымліваць. І таксама будзем будаваць прастору бяспекі тут, у нашай частцы Еўропы, для нашых грамадстваў, а таксама і для нашых суседзяў.

Адзначыў прэзідэнт Польшчы падчас супольнай сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам у Кракаве.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя  

Фота prezydent.pl