Навуковыя стыпендыі для таленавітай моладзі Падляшша
Прызначаныя навуковыя стыпендыі для таленавітай моладзі з Падляшскага ваяводства. Сёлета маршалкоўская ўправа падрыхтавала 50 узнагародаў па 4 тысячы злотых кожная. Стыпендыі атрымалі, між іншым, навучэнцы беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім.
Сярод адзначаных – лаўрэатка прадметнага конкурсу па беларускай мове Наталля Васько. Як кажа таленавітая ліцэістка з Гайнаўкі, з беларускай мовай яна мае кантакт ня толькі на ўроках, але таксама размаўляе па-беларуску і піша журналісцкія артыкулы:
– Я пішу артыкулы ў «Ніву», спадзяюся, што і далей буду пісаць. Там надрукавалі мой матэрыял з Грэцыі, вялікае інтэрв’ю з маімі сябрамі.
Сёлета ў Маршалкоўскую ўправу паступіла амаль 700 заявак на стыпендыі. У выніку былі абраныя вучні з высокай сярэдняй адзнакай і шматразовыя лаўрэаты па прадметных конкурсах.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота jeziki-teresin.pl
