Пункт пропуску Рудаўка-Лясная адкрываецца для бязвізавага рэжыму
28 красавіка афіцыйна для бязвізавага рэжыму адкрыецца памежны пункт пропуску на Аўгустоўскім канале Рудаўка-Лясная. З гэтай нагоды ўлады Падляшскага ваяводства і Гарадзенскай вобласці рыхтуюць розныя мерапрыемствы. На беларускай частцы канала з 29 красавіка на шлюзе Дамброўка пройдзе фэст “Пікнік па-беларуску”.
Падчас мерапрыемства можна будзе пакаштаваць беларускія стравы. Плануюцца таксама спартовыя спаборніцтвы і народныя танцы. З польскага боку ўсе мерапрыемствы пройдуць у Аўгуставе і Студзенічнай. Кажа намеснік дырэктара Дэпартамента адукацыі, спорту і турыстыкі падляшскай Маршалкоўскай управы Павел Есса:
– Наша мэта – папулярызацыя турыстычнага і спартовага патэнцыялу Аўгустоўскага каналу. Цэнтральнай падзеяй мерапрыемства стане сплаў па канале на байдарках, роварны прабег, конныя спаборніцтвы, а таксама марафон.
Усе мерапрыемстывы з абодвух бакоў мяжы будуць праходзіць да трэцяга траўня ў Польшчы і да першага траўня ў Беларусі. У гэты дзень у Сапоцкіне адбудуцца майстар-класы малявання пісанак і фэст традыцыйных танцаў на шлюзе Дамброўка.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bocian.podlaskieit.pl