Пятая гадавіна смаленскай авіякатастрофы (абноўлена)
У Беластоку і Супраслі ўшанавалі памяць ахвяраў смаленскай авіякатастрофы, у выніку якой загінула 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Сёння пятая гадавіна гэтых трагічных падзеяў у гісторыі Польшчы. Галоўныя ўрачыстасці ў Беластоку пачаліся імшой за душы загінулых у касцёле святога Роха. Пазней кветкі і знічы пры помніку ахвяраў авіякатастрофы ўсклалі прэзідэнт Беластока, ваявода і сем’і загінулых. Сярод ахвяраў быў таксама праваслаўны архіепіскап, ардынарый польскага войска, генерал Міран Хадакоўскі, якога ўспамінае яго сябра Яраслаў Вэрдоні.
– Мы былі знаёмыя з маладых гадоў, калі былі прыслужнікамі ў катэдральнай царкве святога Мікалая. І пасля цягам многіх гадоў ён быў цудоўным чалавекам, духоўным, працаваў з моладдзю, быў апекуном брацтваў. І я дагэтуль не магу змірыцца з тым, што яго няма.
У аўторак 14 красавіка ў манастыры ў Супраслі беластоцкі і гданьскі архіепіскап Якаў адслужыць памінальную службу за ўладыку Мірана. Пачатак а 9 гадзіне ў падвале манастырскай царквы, дзе знаходзіцца магіла ўладыкі.
Сярод ахвяраў катастрофы пад Смаленскам былі таксама ўраджэнцы Беласточчыны: апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, віцэ-маршалак Польскага Сейма Кшыштаф Путра і сцюардэса Юстына Манюшка.
[Not a valid template]
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота: Dawid Gromadzki
* * *
Сёння спаўняецца пяць гадоў з моманту авіякатастрофы польскага прэзідэнцкага самалёту Ту-154 пад Смаленскам. У выніку падзення самалёту загінулі 96 чалавек.
Загінула ўся дэлегацыя, якая накіроўвалася на святкаванні 70-х угодкаў катынскага злачынства. Сярод ахвяраў тагачасны прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай Марыяй, вядомыя палітыкі, вышэйшыя вайскоўцы, прадстаўнікі духавенства і катынскіх сем’яў, а таксама супрацоўнікі аховы ўраду і чальцы экіпажу.
Сярод ахвяраў чатыры былі з Падляшша – архіепіскап Міран Хадакоўскі, апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, віцэ-спікер польскага сойму і сенату Кшыштаф Путра ды сцюардэса Юстына Манюшка.
Дагэтуль вядуцца дыскусіі на тэму прычынаў авіякатастрофы. Як асноўная прычына паведамляецца непадрыхтаванасць экіпажа да працы ў складаных умовах, а тасама ігнараванне элемэнтарных правіл бясьпекі і арганізацыі палётаў. Адначасова з’явіліся версіі пра нібыта праведзены замах на прэзідэнцкі Ту-154, мэтай якога быў Лех Качыньскі, які правялі расейскія спецслужбы.
Хвілінай цішыні і малітвай каля помніка Ахвярам авіякатастрофы пад Смаленскам на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве пачаліся мемарыяльныя мерапрыемствы прымеркаваныя да 5 гадавіны смаленскай авіякатастрофы. Быў прачытаны спіс ахвяраў і зроблены ганаровы залп. У гадзіну катастрофы – а 8.41 былі ўскладзены кветкі да помніка ў гонар ахвяраў.
У жалобных мерапрыемствах удзельнічаюць сем’і ахвяр катастрофы, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады і самакіравання. Прысутныя прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, прэм’ер-міністр Эва Копач, міністры, дэпутаты, прэзідэнт Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц. Загінулых дэпутатаў ушанавалі сёння таксама ў Сойме польскія парламентары. Дачка Леха і Марыі Качыньскіх Марта ўсклала раніцай кветкі ў склепе ў Вавельскім замку ў Кракаве, дзе пахаваныя яе бацькі.
На месца трагедыі ў Смаленск сёння адправілася польская дэлегацыя на чале з кіраўніком канцэлярыі прэм’ер-міністра Яцэкам Ціхоцкім і міністрам культуры Малгажатай Амільяноўскай. Яны возьмуць удзел у мерапрыемствах на тэрыторыі лётнічша ў Смаленску і на Польскіх ваенных могілках у Катыні.
У Варшаве і ў большасці гарадоў пройдуць мемарыяльныя мерапрыемствы па ўшанаванні памяці ахвяраў смаленскай авіякатастрофы. Запланаваныя таксама мерапрыемствы ў Смаленску.
У Беластоку жалобныя ўрачыстасці пачнуцца а 8-ай гадзіне імшой ў касцёле святога Роха.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота AFP