Пётр Нэстэровіч прадставіў беластачанам сваю новую кнігу
У пасляваенныя гады ў Польшчы кожная трэцяя маладая асоба з вёскі пераехала ў горад, у пошуках лепшага жыцця ў сацыялістычнай рэчаіснасці.
Іх гісторыю апісвае ў сваёй новай кнізе «Кожны застаўся чалавекам» Пётр Нэстэровіч.
Беласток, у якім прайшла прэзентацыя кнігі, на думку аўтара з’яўляецца горадам мігрантаў з вёсак, якія нанава ў 50-ых гадах будавалі сваю тоеснасць:
— Беласток — гэта вялікі міграцыйны горад людзей без каранёў, вырваных. Праблемы, якія існуюць таксама часткова вынікаюць з таго, што людзі тут мігранты, якія пераехалі або з-за ўсходняй мяжы падчас рэпатрыяцыі, або з акалічных мясцовасцей. Яны адракліся ад каранёў, ці пакінулі іх там, а тут яшчэ не да канца знайшлі сябе і працягваюць пошукі сваёй тоеснасці. І усё гэта, раней ці пазней, адбіваецца гэткай ікаўкай.
Пётр Нэстэровіч з’яўляецца лаўрэатам літаратурнай прэміі прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага.
Прэзентацыя кнігі «Кожны застаўся чалавекам» завяршыла чатырохдзённы Літаратурны фестываль «Zebrane».
[Not a valid template]
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя