Пятро Парашэнка: Пра ўступленне ў НАТА украінцы выкажуцца на рэферэндуме



Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што рашэнне аб магчымым уступленні краіны ў НАТА будзе прынятае на ўсеўкраінскім рэферэндуме.

Пра гэта Пятро Парашэнка заявіў на сумеснай з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце прэсавай канферэнцыі ў Кіеве па выніках двухбаковых перамоваў. «Рашэнне аб уступленні або неўступленні ў НАТА — гэта выключная кампэтэнцыя ўкраінскага народа», — падкрэсліў Парашэнка.

Паводле яго слоў, калі Украіна будзе адказваць патрабаванням НАТА, украінскі народ на рэферэндуме зможа вырашыць, уступаць альбо не ўступаць у НАТА.

Уступленне краіны ў НАТА не патрабуе згоды яе насельніцтва. З 28 краін-членаў НАТА толькі дзве — Венгрыя і Славенія — праводзілі непасрэдна напярэдадні ўступлення рэферэндум аб гэтым.

У НАТА пацвярджаюць, што пазіцыя саюзу застаецца нязменнай: Украіна мае права на ўступленне, калі Кіеў выкажа жаданне далучыцца да НАТА і выканае неабходныя ўмовы. У той жа час Расея патрабуе «гарантый неўступлення Украіны ў НАТА».

Беларускае Радыё Рацыя