Пытанне ўцекачоў — супольная праблема Беларусі і Польшчы



«Хваля ўцекачоў і пагроза тэрарызму – гэта тыя праблемы якія змусяць усе краіны Еўропы супрацоўнічаць нягледзячы на блокавыя падзелы», — мяркуе прафесар Торунскага ўніверсітэту Вальдэмар Рэзмэр. Пытанне ўцекачоў на сённяшні дзень актуальнае, як для Беларусі, так і для Польшчы. Эксперты з нашага рэгіёну павінны рыхтавацца да хвалі ўцекачоў, якія могуць перамяшчацца ня толькі з Бліжняга Ўсходу, але і Ўкраіны, адзначае польскі эксперт:

— Тут вялізнае поле для сумесных дзеянняў, як і ў барацьбе з тэрарызмам. Я неаднойчы казаў, што мы непадрыхтаваныя да тэрактаў, якія былі ў Францыі ці Вялікабрытаніі. На шчасце, у нас такога яшчэ не здарылася, але можа здарыцца. Таму нашы грамадствы павінны ўсё ж быць і ў псіхалагічным, і ў лагістычным, сэнсе падрыхтаваныя да такіх мажлівых выпадкаў.

Еўразвяз сёлета перажывае надзвычайны наплыў уцекачоў з Сірыі, Іраку ды Афрыкі, які многія палітыкі ўжо назвалі найбольшым гуманітарным крызісам апошніх дзесяцігоддзяў. Пытанне ўцекачоў актуальнае і для Беларусі, куды за апошнія 1,5 гады канфлікту на ўсходзе Ўкраіны прыбыла паводле ацэнак ААН да ста тысяч уцекачоў.

 Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя