Рада беларускай інтэлігенцыі хадайнічае за Лену Глагоўскую
З нагоды складанай сітуацыі, у якой апынулася доктар Лена Глагоўская, да рэктара Беластоцкага ўніверсітэта Леанарда Этэля звяртаецца Рада беларускай інтэлігенцыі. Даследчыца і выкладчыца атрымала папярэджанне, што яе дамова на працу, якая завяршаецца 30-га верасня гэтага года, не будзе працягнутая. “Мы заўсёды з удзячнасцю глядзелі на Польшчу як на краіну, дзе шануюць і падтрымліваюць беларускую культуру і беларускую тоеснасць”, – гаворыцца ў звароце. Старшыня Рады Уладзімір Колас кажа, што знаёмы з доктарам Ленай Глагоўскай ужо вельмі шмат гадоў:
– Сапраўды, чалавек, які шчыра адданы менавіта гэтай справе на ўзаемадзеянне беларускай і польскай культур. Гэта чалавек, як шмат дапамагаў ліцэю, і абсалютна бескарысліва. Гэта сапраўдны інтузіяст беларускай справы. Такі чалавек для студэнцтва вельмі важны. Важна мець такога выкладчыка, які так шмат ведае і так цікава пра гэта распавядае, які сваім прыкладам абуджае інтарэс да беларускай культуры.
Зварот да рэктара Беластоцкага ўніверсітэта ў падтрымку Лены Глагоўскай падпісалі каля 50 чалавек. Сярод іх – Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Радзім Гарэцкі, Павел Севярынец, Алег Трусаў, Алена Макоўская, Зінаіда Бандарэнка ды іншыя.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Рада беларускай інтэлігенцыі звярнулася да рэктара Беластоцкага ўніверсітэту Леанарда Этэля з просьбай знайсці магчымасць, каб працягнуць дамову з вядомай даследніцай беларускай культуры, доктарам Ленай Глагоўскай. Пад заявай падпісаліся больш за 50 вядомых у Беларусі асобаў, сярод якіх Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Радзім Гарэцкі, Павал Севярынец, Алег Трусаў, Уладзімер Колас ды іншыя
Лена Глагоўская атрымала ад дэкана філалагічнага факультэту папярэджанне, што яе дамова на працу ў Беластоцкім універсітэце, якая сканчаецца 30 верасня гэтага года, не будзе працягнутая.
Беларускае Радыё Рацыя