Рада Бельска-Падляшскага – за захаванне вуліцы Тарашкевіча



29 лістапада – афіцыйная дата расстрэлу Браніслава Тарашкевіча ў менскай турме НКВД. Ведамы даследнік сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў выказваў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся ажно дзевяць месяцаў. Афіцыйна рэабілітаваны Тарашкевіч Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 26 студзеня 1957 года.

Захаваць вуліцу Браніслава Тарашкевіча – такое рашэнне прынялі бельскія дэпутаты 28 лістапада, на 38-й сесіі Гарадской рады Бельска-Падляшскага.

12 райцаў прагаласавалі „за”, адзін быў „супраць”, 6 – „устрымалася”. Кажа старшыня Гарадской рады Ігар Лукашук:

– У адказ на карэспандэнцыю, якую Рада горада атрымала ад ваяводы, радныя прынялі рашэнне, што мы мусім захаваць у Бельску-Падляшскім назву вуліцы Браніслава Тарашкевіча пры змене матывацыі надання гэтай жа назвы вуліцы.

Падляшскі ваявода накіраваў у Бельск-Падляшскі абноўлены спіс вуліц, прызначаных да дэкамунізацыі, у якім ёсць вуліца Тарашкевіча. Бургамістр горада Яраслаў Бароўскі ў адказ накіраваў  ліст, у якім  аргументаваў, што гэта дрэннае рашэнне.  Падляшскі ваявода павінен прыняць адпаведаяе рашэнне да 2 снежня.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя    

Фота аўтара