Рада гміны Чыжы не хоча далей абмяркоўваць мэтазгоднасць здабычы торфу
Рада гміны Чыжы не бачыць патрэбы ў дадатковай сустрэчы з жыхарамі гміны і экспертамі ў справе абмеркавання пытанняў, якія датычаць планаванай здабычы торфу на наднарвянскіх лугах у вёсцы Клейнікі. Гэта вынікае з ліста за подпісам старшыні рады Крысціны Гаўрылюк.
„Рада гміны не бачыць патрэбы ў правядзенні чарговага грамадскага абмеркавання, паколькі скліканая 18 чэрвеня гэтага года адпавядала працэдуры”. З прапановай правесці чарговую сустрэчы ў раду гміны звярнуўся Грамадскі камітэт аховы тарфяных лугоў.
Кажа сябра камітэта Юстына Якубоўска:
– Мы хацелі б, каб адбылася сур’ёзная размова, каб хтосьці прадставіў, з якой нагоды на гэта рашаецца, якія бачыць карысці. Таксама трэба было б распавесці пра страты, якія гэтая інвестыцыя прынясе, а таксама пра іншыя варыянты. Трэба паразмаўляць пра іншыя магчымыя кірункі. Мне здаецца ў межах дыскусіі і сумленнасці такая дыскусія павінна адбыцца.
У заяве камітэта, сярод іншага адзначаецца, „у гэтай сустрэчы павінны прыняць удзел войт гміны, усе радныя, прадстаўнікі інвестара, навукоўцы і незалежныя эксперты”.
Нагадаем, што на сустрэчы 18-га чэрвеня прысутнічалі толькі трое радных, пры чым ніхто не змог адказаць на пытанні тых жыхароў гміны, якія не згодныя з планаванай інвестыцыяй па здабычы торфу. У гміне Чыжы таксама пабываў дэпутат ад левых сілаў Адрыян Зандберг.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя