Радныя Беластока прынялі рэзалюцыю па падзеях у Беларусі
У панядзелак (24 жніўня) гарадская рада Беластока прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала ўлады Беларусі „неадкладна пачаць мірны дыялог з грамадскасцю”. „Гвалт і рэпрэсіі ніяк нельга апраўдаць”, – гаворыцца ў рэзалюцыі радных.
Праект рэзалюцыі ўнёс у парадак дня сесіі панядзелка старшыня рады Лукаш Прокарым (КО). У ім падкрэслівалася, што Беласток – з-за свайго памежнага месцазнаходжання (Падляшскае ваяводства мае ўчастак мяжы з Беларуссю), а таксама як горад-партнёр Гародні – „адносіцца да падзей, якія адбываюцца пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з вялікай заклапочанасцю”.
Мы выступаем супраць прымянення сілы супраць пратэстуючых грамадзян. Мы перакананыя, што гвалт і рэпрэсіі, якія ўлады ўжываюць супраць грамадства, ніякім чынам не могуць быць апраўданымі. Мы ведаем, наколькі важныя і каштоўныя грамадзянскія свабоды, таму што палякі прайшлі складаны шлях трансфармацыі, каб жыць у вольнай краіне. Свабода – неад’емнае права кожнага чалавека. Мы не хочам маўчаць, калі гэта парушаецца ў нашых бліжэйшых суседзяў. Мы не хочам быць абыякавымі да свабоднага волевыяўлення беларускага народа”, – падкрэслена ў дакуменце.
Дэпутаты заклікалі ўлады Беларусі „неадкладна пачаць мірны дыялог з грамадствам”. Рада таксама заявіла аб падтрымцы пазіцыі ЕЗ аб тым, што выбары ў Беларусі 9 жніўня 2020 года не былі „ні свабоднымі, ні справядлівымі”.
Рэзалюцыя была прынятая без пярэчанняў і практычна без абмеркавання. Перад галасаваннем радны Пётр Янкоўскі (PiS) падзякаваў прэзідэнту Беластока Тадэвушу Трускаляскаму за падтрымку беларускага грамадства.
„Я лічу, што гэта не толькі мой, але наш агульны грамадзянскі абавязак (…). Кожны голас важны, былі махінацыі беспрэцэдэнтнага маштабу „, – адказаў Тадэвуш Трускаляскі, падзякаваўшы радным за ініцыятыву прыняць такую рэзалюцыю. Ён сказаў, што адкрыты для розных сумесных ініцыятыў.
fot.wikipedia.com