Радныя і бурмістр Гайнаўкі не далі згоды на Марш памяці выклятых жаўнераў
Рада горада Гайнаўка не ўхваліла правядзення Марша памяці выклятых жаўнераў, які меў прайсці вуліцамі горада 26 лютага. Большасць радных ацэньваюць шэсце як негатыўнае і правакацыйнае.
Летась, у час І Маршу памяці выклятых жаўнераў, яго ўдзельнікі выслаўлялі асобу Рамуальда Райса “Бурага”, адказнага за смерць амаль 80 праваслаўных беларусаў, мірных жыхароў падляшскіх вёсак.
Сёлета маршрут Марша меў праходзіць побач з саборам Святой Тройцы, у час, калі праваслаўныя будуць там маліцца за адпушчэнне грахоў перад Вялікім Пастом.
«Я, як бурмістр Гайнаўкі, не пагаджаюся на такі час і такую трасу марша, – кажа Юры Сірак – таму адмаўляюся даць згоду на шэсце»:
— Адносна таго, што я прыму такое рашэнне ўжо няма сумневаў. І хоць гэтае рашэнне не я, але ад майго імя і па маёй даверанасці асабіста падпіша мой намеснік спадара Анджэй Скепка ў панядзелак раніцай. Я не маю сумневаў, бо ўжо сёння ведаю, што такога рашэння хочуць жыхары нашага горада, што выразна адлюстравалася ў пазіцыі Рады горада Гайнаўка.
Толькі адзін радны галасаваў супраць: суарганізатар мінулагодняга маршу, Богуслав Шчэпан Лабэндзкі.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя