Раман Кісляк: Беларусы Грузіі маюць праблемы з візамі
У беларускай прасторы „аКсяродак”, што знаходзіцца ў цэнтры грузінскага Батумі, адбылася сустрэча прадстаўнікоў арганізацыі „Беларуская дыяспара ў Аджарыі” з беларусамі, што жывуць у гэтым рэгіёне Грузіі.
Што цікавіць беларусаў у гэтым рэгіёне Грузіі кажа намеснік старшыні арганізацыі „Беларуская дыяспара ў Аджарыі”, праваабаронец Раман Кісляк:
– Хвалююць пытанні віз, хвалююць пытанні атрымання прытулку. Гэта два асноўныя пытанні, якія цікавяць беларусаў у выгнанні, якія знаходзяцца тут у Грузіі ў Батумі ці Тбілісі. З візамі сітуацыя пагоршылася. Усім вядома, што польскія амбасады прыпынілі, на колькі нам вядома, выдачу гуманітарных віз, прынамсі праз пасярэднікаў.
Па яго словах, колькасць беларусаў, што падаюцца ў Грузіі на абарону, павялічваецца:
– Канешне іх нашмат больш, нават тут у Грузіі створана група ў Тэлеграме, дзе каля чатырохсот беларусаў, менавіта па пытанні атрымання прытулку. Вось на гэтай сустрэчы нам паведамілі, што праўдападобна ёсць станоўчы кейс, калі беларусам прадставілі статус уцекача. Таму думаю, што з кожным днём, тыднем, месяцам, будзем атрымліваць усё больш інфармацыі, адмовы прыйдуць ці будзе прадстаўлены статус.
Актывісты з „Беларускай дыяспары ў Аджарыі” таксама вырашылі, што ў прасторы „аКсяродак” раз на тыдзень па аўторках будуць арганізаваныя сустрэчы, на якіх будуць разглядацца кейсы дапамогі беларусам па візам і па складанні папераў на міжнародную дапамогу.
Беларускае Радыё Рацыя