Расейскі „гуманітарны канвой” пакінуў Украіну
З усходніх абласцей Украіны выехалі 184 расейскія грузавікі, якія ўвозілі „гуманітарку”, але ўкраінскім памежнікам расейскія вайскоўцы ў пункце пропуску „Ізварын” не далі магчымасці іх дагледзець. Пра гэта паведаміў спікер РНБА Андрэй Лысенка.
„Па стане на 13.00 з тэрыторыі Украіны выехалі 184 грузавікі. Аднак нашых прадстаўнікоў на дагляд гэтых грузавікоў не дапускаюць”, – сказаў Лысенка.
Разам з тым ён адзначыў, што невядома, колькі менавіта грузавікоў учора з Расеі ўехала ва Украіну і колькі да гэтага часу застаецца на яе тэрыторыі. Разам з тым, у МЗС РФ заявілі пра факт вяртання ўсяго канвою з расейскай гуманітарнай дапамогай з тэрыторыі Украіны.
„Расейскі гуманітарны канвой пакінуў тэрыторыю Украіны і знаходзіцца на тэрыторыі РФ”, – заявіла намеснік дырэктара дэпартамента інфармацыі і друку МЗС РФ Марыя Захарава.
Нагадаем, расейская калона грузавікоў з так званай „гуманітарнай дапамогай” у пятніцу ўварвалася без згоды Украіны ў Луганскую вобласць. ЕЗ і НАТА, а таксама Абама з Меркель ужо асудзілі гэта ўварванне.