Расейскі гуманітарны канвой рухаецца ў кірунку Растова
Канвой з расейскай гуманітарнай дапамогай для ўсходніх рэгіёнаў Украіны рухаецца ў кірунку Растова. Пра гэта паведамляе ВВС. Далей невядома ў якім кантрольным пункце канвой будзе перасякаць мяжу.
Паводле палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча, гуманітарны груз перасячэ мяжу на адрэзку, кантралюемым сепаратыстамі:
– Я думаю, што Расея цалкам мае магчымасць увезці гэты гуманітарны груз без згоды ўкраінскіх уладаў, таму што ёсць участкі граніцы, якія кантралююцца сепаратыстамі.
Гэта доказ таго, што Масква ігнаруе Кіеў і надалей ідзе на абвастрэнне канфлікту:
– Расея сапраўды скарысталася сітуацыяй, каб стаць на шлях абвастрэння канфлікту з Украінай. Калі арыентавацца на расейскую аўдыторыю, то з падачы расейскіх тэлеканалаў гэта выглядае вельмі дзіўна: Расея хоча дапамагчы насельніцтву Украіны, якое трапіліа ў гуманітарную катастрофу. А ўкраінская ўлада не хоча гэтага дазволіць. Тое, што Расея не ідзе на саступкі, не ідзе на ўмовы, якія прапаноўвае Украіна, гаворыць пра тое, што Расея ідзе на абвастрэнне канфлікту.
Афіцыйны Кіеў ужо неаднаразова заяўляў, што можа прыняць гуманітарную дапамогу толькі ў рамках міжнароднага права і выключна пад эгідай Чырвонага Крыжа.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота aif.ua