Расейскія гісторыкі наведваюць Падляшша
Прадстаўнікі расейскіх універсітэтаў, якія з’яўляюцца лаўрэатамі конкурсу „Актуальная навука”, наведваюць Падляшша. Маладыя навукоўцы займаюцца вывучэннем польскай гісторыі. Недахоп спецыяльнай літаратуры ў Расеі яны могуць кампенсаваць асабістымі дачыненнямі з навуковымі коламі на Падляшшы.
Прафесар Яўген Мірановіч быў прыемна ўражаны ўзроўнем гістарычных ведаў расейскіх навукоўцаў:
– Прыехалі маладыя людзі, маладыя вучоныя з Расеі, з розных універсітэтаў расейскіх. Працуюць над тэмамі, якія ў асноўным маюць адносіны да расейска-польскіх, расейска-ўкраінскіх ды расейска-беларускіх дачыненняў. У сапраўднасці маладое пакаленне мае нетыповы падыход да ўсіх гэтых складаных праблем.
У сваю чаргу расейскія навукоўцы цікавіліся дэмаграфічнай сітуацыяй на Падляшшы ў розныя перыяды гісторыі ды іншымі пытаннямі. Як распавёў Арцём Барынкін з дзяржаўнага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу, ён правёў каля паўгода ў Польшчы, працаваў у гістарычных архівах:
– Я ўжо абараніўся па тэме „Польшча ў знешнепалітычнай стратэгіі Савецкай Расеі на мяжы 1918-1919 гадоў”. Шчыра скажу, што пісаць было цяжка таму, што наша гістарыяграфія вельмі бедная. Прасцейшае пытанне, калі пачалася савецка-польская вайна, у нас выклікае вельмі шмат сумневаў, супярэчнасцяў і таму была неабходнасць працаваць у Польшчы, тут паў гады правёў у архівах. Было дастаткова студэнцкага білета, каб мяне туды пусцілі, і каб я там рабіў фотаздымкі, чаго ў нас уявіць проста нельга.
Маладыя гісторыкі з Расеі яшчэ наведаюць некалькі мясцовасцяў на Беласточчыне, у прыватнасці Музей ікон у Супраслі, далей накіруюцца ў Варшаву на ўрачыстасці з нагоды чарговай гадавіны прыняцця Канстытуцыі 3 траўня.
[Not a valid template]
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя