Расейскія войскі прыведзеныя ў поўную боегатоўнасць
Расейскія вайскоўцы непадалёк расейска-украінскай мяжы прыведзеныя ў поўную боегатоўнасць.
Афіцыйная прычына – пазапланавыя вучэнні Цэнтральнай і Заходняй вайсковых акругаў узброеных сіл Расейскай Федэрацыі. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Расейская вайсковая тэхніка зафіксаваная ў тым ліку і ў Бранскай вобласці, непадалёк ад мяжы з Чарнігаўшчынай. Вайсковых адзінак там цяпер менш, чым было год таму. Гэта азначае, што пагроза для Кіева не такая сур’ёзная, як была ў красавіку і траўні 2014 года. Але аналітыкі не выключаюць, што ўдар па ўкраінскай сталіцы ў кожны момант можа быць нанесены і праз Чарнігаў.
Згодна меркаванню амерыканскага спецыяліста Філіпа Карбера, расейскай арміі дастаткова ўсяго тыдня, каб сцягнуць да мяжы з Чарнігаўскай вобласцю вялікую вайсковую групоўку. Аператыўная група расейскіх спецназаўцаў можа быць перакінутая ва Украіну і з тэрыторыі Беларусі.
“Але цяпер прэзідэнт Беларусі больш схільны да міру”, – зазначыў амерыканскі вайсковы аналітык.
Пра вучэнні расейскіх узброеных сілаў на сумежжы Расеі, Беларусі і Украіны расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу абвесціў яшчэ 25 траўня. Афіцыйна гэта тычылася толькі авіяцыі і супрацьпаветраная абароны. Але, згодна з інфармацыяй агенцыі Reuters, за апошнія дні колькасць расейскай вайсковай тэхнікі блізка ўкраінскіх межаў павялічылася ўтрая, і гэта не толькі самалёты і супрацьпаветраная зброя.
Беларускае Радыё Рацыя, Марцін Война, Украіна