Расейскія журналісты ва Украіне прадстаўляюцца беларусамі
Расейскія журналісты ва Украіне маскуюцца пад прадстаўнікоў беларускіх СМІ. Пры гэтым расейскія здымачныя групы падчас працы не маюць ані лагатыпаў тэлеканалаў, якія прадстаўляюць, ані іншых ідэнтыфікацыйных знакаў, як таго вымагае ўкраінскае заканадаўства.
Падчас рэпартажу з пажару на Васількоўскай нафтабазе, што пад Кіевам, здымачная група ўкраінскага тэлеканала “ТСН” заўважыла рускамоўных тэлевізійных журналістаў. Ані бэйджыкаў з прозвішчамі, ані якіх-небудь апазнавальных знакаў гэтыя медыйшчыкі не мелі. У сваіх сюжэтах прадстаўнікі невызначаных СМІ прагназавалі самыя жахлівыя наступствы тэхнагеннай катастрофы: кіслотныя дажджы, масавыя атручванні і анкалагічныя хваробы.
Спярша журналістка, якая рабіла рэпартаж, заявіла: “Мы не расейскія ЗМІ, мы – беларускія”. Але неўзабаве прызналася, што працуе на тэлеканале “Россия-24”. Прадстаўніца тэлеканала “РТР”, якая таксама працавала на пажары, увогуле адмовілася размаўляць з украінскімі калегамі.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі расейскія журналісты ва Украіне выдаюць сябе за медыйшчыкаў іншых краін. Так, паводле прэсовай службы СБУ, яшчэ летась супрацоўнікі тэлеканала “РТР”, якія працавалі ў Закарпацкай вобласці, прадстаўляліся медыйшчыкамі фінскага тэлеканала “МТВ-3”, а тэлевізійная група “Першага канала” сцвярджала, што прадстаўляе Беларускае тэлебачанне.
Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.