Расейцы абураныя нішчэннем савецкіх помнікаў у Польшчы



„Вандалізм у законе” – артукул пад такой назвай з’явіўся ў „Расейскай газеце”. Публікацыя пра тое, што насельніцтва Новага Сонча хоча знішчыць помнік, які знаходзіцца на пахаванні савецкіх воінаў.

„Захаванне расейскіх і савецкіх воінскіх пахаванняў і помнікаў прадугледжваецца расейска-польскім пагадненнем ад 1994-га года. Польскія ўлады нясуць адказнасць за забеспячэнне іх недатыкальнасці і прадухіленне якіх-небудзь дзеянняў, якія наносяць ім шкоду. Калі гэтыя паведамленні пацвердзяцца, амбасада будзе звяртацца да польскіх уладаў за тлумачэннямі, настойваючы на аднаўленні помніка ў яго першапачатковым выглядзе”, – паведамляецца ў заяве амбасады Расейскай Федэрацыі.

У той жа час у расейскім выданні паведамляецца пра тое, што група польскіх нацыяналістаў хоча арганізаваць дэманстрацыю побач з помнікам. Яны збіраюцца прыйсці з малаткамі і знішчыць тыя элементы, на якіх знаходзіцца савецкая сімволіка.

„Замест забеспячэння парадку ў час дэманстрацыі ўлады хутка дэмантавалі тыя элементы, якія раздражняюць правыя арганізацыі”, – піша газета.

Урадавае выданне нагадвае, што паліцыя аднойчы злавіла вандалаў, якія закідалі помнік яйкамі. „За разбурэнне дзяржаўнай уласнасці ў Польшчы пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі,” – падкрэслівае газета. І задаецца пытаннем: „Хто адкажа за парушэнне міжнародных пагадненняў па ахове памятных месцаў?”

Паводле wp.pl