За Тарашкевічам могуць скасаваць і Коласа?



Вуліца імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім зменіць сваю назву. Таксама, як і ліцэй з навучаннем беларускай мовы, які носіць імя Тарашкевіча. Гэта вынік польскага Закона аб дэкамунізацыі.

Як вынікае з інтэрв’ю, якое для Радыё “Свабода” даў доктар гістарычных навук Мацей Коркуць, які кіруе групай, што ацэньвае біяграфіі патронаў польскіх вуліц і плошчаў, рашэнне ўжо фактычна прынятае.

Гаворачы пра Тарашкевіча, гісторык адзначыў: “Бясспрэчна, у яго ёсць заслугі перад беларускай мовай. Але гэта не адмяняе ягоную камуністычную дзейнасць”.

У Бельску ёсць ліцэй, які носіць імя Тарашкевіча. Ці назва гэтай установы таксама будзе змененая?

Мацей Коркуць: Гэта грамадская ўстанова. А патрон — гэта ўзор для пераймання. І які Тарашкевіч дае прыклад моладзі? Выходзіць, што мы кажам: бярыце прыклад з патрона, дзейнічайце супраць Польшы на карысць камунізму. Ці хацелі б вы так выхоўваць сваіх дзяцей? Я — не.

Пакуль што адміністрацыя школы ў Бельску не атрымала ніякай афіцыйнай інфармацыі адносна змены патрона.

У Гайнаўцы ёсць вуліцы Коласа і Купалы. Яны таксама былі ў камуністычнай партыі. Які лёс чакае вуліцы іх імя?

Мацей Коркуць: Да вуліцы Янкі Купалы ў нас няма пытанняў. Ён не быў актыўным дзеячам партыі, як Тарашкевіч. Нават у савецкай літаратуры ён шукаў для сябе месца. Нават калі не ўсё ў яго біяграфіі было ідэальна, то ён зяўляецца бясспрэчным сімвалам беларускай культуры. І мы гэта шануем. У Купалы ёсць вуліца ў Гданьску. Мы не звярталіся наконт замены яго вуліцы. Беларусы — гэта блізкі нам народ і ў іх шмат герояў. Яны таксама былі ахвярамі таталітарызмаў. Над Коласам мы яшчэ працуем.

Паводле svaboda.org