Рашэнне ў справе падзелу гміны Супрасль прымуць у ліпені
Гміна Супрасль пакуль не будзе падзелена. 55% жыхароў гміны выказаліся супраць падзелу, 45% – прагаласавалі ў падтрымку.
Пастанова будзе прадстаўленая міністру адміністрацыі і цыфрызацыі. Міністэрства можа, аднак, прыслухацца да голасу жыхароў гэтак званых мясцовасцей “за лесам”, якія ў вялікай большасці галасавалі за падзел, кажа радны з Засценак Павел Каранкевіч:
– Жыхары нашых вёсак прагаласавалі за сваю гміну.
За падзел гміны галасавала ажно 78% жыхароў Грабаўкі, Засценак, Сабалева, Саўлянаў і Генрыкова. Кажа бурмістр Супрасля Радаслаў Дабравольскі:
– Гэтыя галасы гавораць пра тое, што ў нашым самаўрадзе трэба нешта мяняць. Жыхароў чакаюць пэўныя інвестыцыі, пэўныя змены. Але мы ўжо цягам 2 гадоў на гэтай тэрыторыі заінвеставалі дадаткова амаль 11 млн злотых.
Чакаецца, што ўжо ў ліпені канчатковае рашэнне ў справе будучыні гміны Супрасль прыме міністр адміністрацыі і цыфрызацыі.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота fotopolska.eu